Захавальнікамі памяці заўсёды былі і застаюцца музеі. Для большасці дзяцей менавіта з музея і пачынаецца іх грамадзянскае станаўленне. Тут яны ўпершыню пачынаюць асэнсоўваць сваё дачыненне да ўсяго, што адбываецца навокал, а паняцці “Радзіма”, “родны кут”, “любоў да Айчыны” напаўняюцца новым сэнсам.
Наяўнасць у дзіцячым садку музея дазваляе глыбей вывучыць і асэнсаваць гісторыю, культуру ў мэтах развіцця інтэлектуальных, маральных, культурных і творчых магчымасцей дзяцей, выхоўваць у іх нацыянальную самасвядомасць, патрыятызм, далучаць іх да нацыянальнай і агульначалавечай культуры.
У музеі дзеці бачаць прадметы — праўдзівыя сведкі культурнай спадчыны народа, яго багацця. Вочы свецяцца радасцю і зацікаўленасцю.
Адна справа — бачыць першабытныя прылады на фотаздымках, а зусім іншая — патрымаць у руках гэтыя рэчы. Можна шмат разоў гаварыць аб прыроднай кемлівасці і спрактыкаванасці нашых продкаў, іх уменні прыстасоўвацца да жыццёвых сітуацый і цяжкасцей, а можна прадэманстраваць дзецям драўляную мянташку, якую выкарыстоўвалі нашы продкі для таго, каб навастрыць касу, і паказаць, як гэта рабілася, як можна дрэвам завастрыць жалеза. Праз шэраг свят, экскурсій, заняткаў дзеці далучаюцца да гістарычнай спадчыны.
Усе прадстаўленыя ў музейнай экспазіцыі экспанаты можна чапаць рукамі, разглядаць і перастаўляць, выкарыстоўваць для правядзення заняткаў, гутарак, у гульнявой дзейнасці, вольным часе і забаўках, у якасці навочнага матэрыялу.
Музейная экспазіцыя "Спадчына" дазваляе выхаванцам у разнастайных відах дзейнасці стаць сапраўднымі ўдзельнікамі мінулага і сучаснасці краіны, у якой яны жывуць.